СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),

Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх. ч. Карыбскага м. Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц. дыялект. Сталіца — г. Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).

Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.

Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.

Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.​Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч. брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл. ААН (з 1983).

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс. дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн. дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс. га, пашай — 0,8 тыс. га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля ​1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн. кВтгадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн. дол., імпарт — 129,6 млн. дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн. дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Кітс і Невіс.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)